Над Случчынаю — ноч маладзіка...
Трапечуць зоркі у рачных затонах...
Грываста луг перажагнаюць коні...
Лілеямі успенена рака...
Над Случчынаю — ноч маладзіка.
Туман змывае клёны і платы...
Мяжа злучае постаці каханых...
А над зямлёй, у воблачка убраны,
Усходзіць важна месяц малады.
Ад вуснаў загараецца шчака,
Пяшчота рук мне ахінае шыю...
Каханая... Багі мае зямныя
He ведаюць, як я цябе чакаў
У дзіўны час, у ноч маладзіка!
Салоўка чуйны сцішыўся на міг...
Мы удваіх пад зоркамі Сусвету...
Тваіх грудзей даспелыя ранеты
Далоняў дакранаюцца маіх...
Салоўка чуйны сцішыўся на міг...
Ад слоў тваіх хмялее галава:
«Каханы мой, ты для мяне — навекі,
У асалодзе мружацца павекі...
I нас прымае вобмацкам трава...
Няхай з табою знікнем у вяках...
На могілках вянкі павыгараюць...
Дзве постаці сустрэнуцца ля гаю,
Ў тумане белым, да рукі — рука,
У дзіўны час, у ноч маладзіка...