Пайшло яно...

Яшчэ не ацэнена

Пайшло яно —
незваротнае,
як час, як само жыццё.
Глядзім услед, гаротныя:
"Бывай, бывай, пачуццё!"
Думалі, што ты вечнае,
што нам любіць і любіць.
А выйшла так недарэчна,
што горай не можа быць.
Не ўспамінай нас ліхам!
А ў нашай памяці ты
самым светлым міфам
застанешся назаўжды.
Было ты кроўнае,
роднае,
і вось пакідаеш нас —
такое ж незваротнае,
як жыццё і час.