Вінаваты паўднёвы вечар…
Проста так, без якой прычыны,
абдымаю чужыя плечы,
пешчу косы чужой жанчыны.
Гэта проста на момант хвалі
аглушылі прыбоя шумам.
Гэта вусны дазвол давалі,
гэта вочы світалі сумам.
Гэта проста залётны вецер
у вянок дзве рукі з’яднаў…
Адлюстроўваліся ў Сусвеце
нашы постаці як адна.