Паводле Андэрсэна

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

...не ў ракаўцы –
у русалчынай далоньцы –
туга Яе па ўратаваным
прынцы,
сляза Яе,
чый смак –
марскі, салёны...

ты ж, чалавек,
таго не разумееш,
што дар
Яе
душы
нясеш каханай,
і назавеш с в а і м –
што не тваё...

і дар Любові
стане толькі камнем,
бліскучай цацкай,
перлінай у кароне
сярод такіх жа –
мёртвых –
камянёў...

а дар Кахання...
што т а б е
з кахання?
яно як хваля –
знікла і растала...
як вецер,
сонца,
воля...
як Яна...

сціраеш пырскі
успамінаў з твару...
і смак вады
марской
салоніць вусны...

...і статуяй –
каменнаю –
стаіш...

1994 (2007)