Песня

Ваша адзнака: Нет (17 галасы)
Зайшло ўжо сонейка, цень лёг на гонейка,
    Ўецца туман сенажацяй,
Выйдзі ж, дзяўчынка, выйдзі, галубка,
    Ў садзік ка мне пагуляці.
 
Хвілямі шыбкімі ў цені пад ліпкамі
    Час нам праходзіці будзе;
Бачыці будуць зоры і месяц,
    Бачыць не будуць нас людзі.
 
Казкамі дзіўнымі будуць галінамі
    Ліпкі шумеці, дзівіцца,
Будзе прыветліва пець салавейка,
    Буду – слугой, ты – царыцай.
 
Радасцю, ўцехамі пад ліпак стрэхамі
    Будзе нам доля ў ноч гэту,
Сэрцавы струны ўдарым каханнем
    На зайздрасць цэламу свету.
 
Выйдзі ж, дзяўчынка, выйдзі, галубка,
    Ў садзік ка мне пагуляці;
Ўжо зайшло сонейка, цень лёг на гонейка,
    Ўецца туман сенажацяй.