Зелянелі лагі,
Зацвіталі сады, —
З маладою сваёй
Я спаткаўся тады.
Вецер косы яе
Расплятаў, спавіваў,
Прыпадаў да грудзей,
Калыхаў, напяваў...
Абняліся мы з ёй,
Божым сном паплылі
Ўдаль да сонца ўдваіх
Па зялёнай зямлі.
Па квяцістым пуці,
Паласой залатой,
Ўдаль да сонца ўдваіх
Заадно з яснатой...
Пад агністай зарой,
Над сівым курганом
Заручаліся з ёй
Туманом і агнём...
Аж нязменная ноч
Наплыла, апляла,
Непраходнай сцяной
Паміж намі лягла:
Маладую маю
Разлучылі са мной...
Так расстаўся навек
Я з сваёю вясной.