Заручыны

Яшчэ не ацэнена

Далёкай, нялёгкай сцяганы хадзьбой,
Пад хвойкай высокай мы селі з табой,
Як цар і царыца;
Шурпаты няжаты сох верас ля ног,
Спаў белы спляснелы пад шышкамі мох
Над цёмнай крыніцай.

На сучча плятуча паўзла дзермяза,
Блішчэла нясмела раса, як сляза,
На лісцях лазовых;
Каронай зялёнай дзед-бор патрасаў
I шумам-задумам законы пісаў
Ў нягаданых словах.

Нам моўча, як ночай, мігцелі агні,
Падгалей міргалі абгніўшыя пні,
Як варта на стражы;
I ціха суліхай сцікаўся, плыў цень,
За горы, за моры адходзіў наш дзень,
Мінуты ўжо важыў.

Ўжо клаўся на часе мрок сумна нямы,
I поўнач на помач, палохаці сны,
Нязначна падклікаў...
З-пад сосны выноснай ты ўстала, я ўстаў...
Над намі сукамі шум-бор рагатаў
Без памяці, дзіка...