Пойдзем, пойдзем Млечным Шляхам,
Там спакой і цішыня.
Паляцяць за намі птахі,
Наша лепшая радня.
Паляцяць за намі дрэвы,
Нашы сёстры і браты.
Паплывуць за намі рэкі,
Разбурыўшы ўсе масты.
Там няма згрызот і страху,
I ні фальшу, ні маны.
Пойдзем, пойдзем Млечным Шляхам,
Пойдзем, любая, адны.
— Што такое? Божа мілы! —
Нехта крыкне за спіной.
Пойдзем, пойдзем.
Мы зрабілі,
Што маглі зрабіць з табой.