Ты аддаляешся, ты аддаляешся,
Ад пацалункаў маіх вызваляешся,
Ад непатрэбнай нікому маны,
Ад недарэчнай уласнай віны.
Хто мы? Чужыя адно аднаму,
Гэтак даўно, што не важна — чаму.
Гэтак даўно, што не важна — калі.
Некалі мы ўжо такімі былі.
Можна, як некалі, вечарам зноў
З працы, з гасцей не спяшацца дамоў.
Зноў можна думаць пра іншых жанчын.
Можна не думаць зусім ні аб чым.
Многае вольнаму можна цяпер —
Тое, што можна было да цябе.
Ты аддаляешся, ты аддаляешся
I за нябачную рысу вяртаешся,
Нібы на старце дачасна сарвалася.
Ты паспяшалася, ты паспяшалася.
Можаш прымусіць сябе не вітацца,
Не заўважаць мяне і пастарацца
Выкінуць заўтра мяне з галавы.
Толькі не зможаш — звяртацца на "вы".
Ёсць у душы нашай межы — ніколі
Двойчы іх нам не пераадолець.