Была Аксана пекнай,
Прыгожаю такой:
Хадзілі хлопцы ў пекла
За ёю талакой.
Скажы — разваляць хату,
Скажы — паставяць зруб.
Чарнявы, зухаваты
Быў ёй хлапчына люб.
А што ты нарабіла,
Шалёная краса!
Ля хаты на рабіне
Пасохла ўся раса.
Жыць выпала ёй з іншым —
Нядрэнным, ды не тым.
I вусны ўжо не вішні,
I косы — шэры дым.
Завяла, пастарэла,
Не хочацца старэць.
А шчасце не сустрэла,
Што думала сустрэць.
Не ведае Аксана,
Каб з тым яна жыла,
Журылася б таксама,
Што шчасце не знайшла.
Не пахне болей мята,
З рабін сышла раса.
Ва ўсім тут вінавата
Прапаўшая краса.