Стромкую бярозу зачапае вецер,
Для яго-каханую,лепшую ў свеце,
Толькі прыгажуню гэта не кранае,
Дуба кучаравага горача кахае.
Запляла ў галіны промні-таямніцы,
Белы твар абмыла ў вадзе крыніцы.
Дуб залюбавўся,цесна прытуліўся,
У абдымках страсных аб усім забыўся.
А за імі сочыць вецер нешчаслівы.
Стаў зусім шалёны і такі раўнівы!
Цяжкім сном начамі закрывае вочы,
Моцна стогне сэрца,забываць не хоча,
Што яго бярозку зараз дуб мілуе,
Палка абдымае,лашчыць і цалуе.
Закрычаў,заплакаў,паляцеў у поле,
Усю сваю маркоту выпусціў на волю.
Раскідаў каменне,завіхурыў лісце
І знайшоў няшчасны для пакуты выйсце-
Наляцеў на дуб ён ( Розум памуціўся!),
І асілак мёртвы долу паваліўся.
…Веснавое сонца ласкава прыгрэла.
Сэрца для кахання назаўжды змярцвела,
Толькі па бярозе ўсё сцякаюць слёзы…
Не кранае вецер чорнае бярозы.