Рызыкні аднойчы, адступі.
Сілу волі з межамі не звязвай.
І лядовы айсберг растапі,
І вузлы на сэрца не навязвай.
Адагрэй далонямі хутчэй
Усё, што без пяшчоты зледзянела.
"Я сумую без тваіх вачэй," -
Пры сустрэчы нагадаць хацела.
Развітайся з крыўдамі за раз,
Каб спыніць іх дзейнасць назаўсёды,
І пабачыш, колькі шчасця ў нас,
Закаханых, радасных, шалёных...