Што ж марыць аб пяшчоце і каханні?
Ад мараў – ці пабольшае любові?
Душа мая, спяшай на пакаянне –
Ужо крыж гатовы і вянок цярновы.
Шкадуеш незваротнага растання?
Тваёй пяшчоце здрады не адужаць?
Шыпы цвікоў – вастрэйшыя за ружы...
Душа мая, спяшай на пакаянне.
Самаспадман – найлепшае прызнанне...
Ілюзія збаўленню не паслужыць...
Душа мая, спяшай на пакаянне –
Гасподзень крыж урачуе ўсіх нядужных.