Скупое сонца кволым промнем
Касіла лісце з клёнаў сонных...
Ты ціха мовіла: «Да скону,
I адкахаўшы, буду помніць».
А я сачыў, як промняў лёзы
Без намагання лісце косяць,
Як вецер іх у гурбы зносіць,
Як сумна ўецца дым бялёсы...
Так з тых часін і заплялося
Ў памяці маёй яскрава:
Твой голас, дыму пах гаркавы
I скарга ціхая на восень.