Спакуса

Яшчэ не ацэнена

У сад Эдэмскі пасяліў Гасподзь
Адама голага й заўважыў ціха:
– Усё тваё.
Адно не падыходзь
Да дрэва ведання дабра і ліха.
З Адамам Ева голая была.
Слоў сораму не вымаўлялі вусны.
Цяпла ставала і было святла.
Але аднекуль выпашз
Гад спакусны.
І надкусілі яблык сакаўны –
І сплыў туман з вачэй,
Не стала казкі.
І ўбачылі, што голыя яны.
Сплялі з лістоў фіговых папяразкі.

Бог выкляў гада, загадаў яму ж
Пыл тлусты есці і хадзіць на бруху.
І Еву вырак:
– Панам будзе муж.
У скрусе нараджацьмеш,
Слухаць скруху.

Жывіцца будзеш палявой травой, –
Сказаў Адаму, –
І карміцца з працы.
З зямлі ты ўзяты, станеш зноў зямлёй.
Ты пыл і пылам мусіш паўтарацца.

Бог выгнаў грэшнікаў з Эдэма вон,
Адзеў іх у адзежу скураную.
І кожны чалавек да скону дзён
Хітруе, спакушаецца, раўнуе.

Дык хто наслаў спакусу,
Гад ці Бог?
Хто Еву надзяліў імпэтам?
Калі б Адам спакусу перамог,
Ці мы былі б цяпер
На свеце гэтым?