Тое

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Нітка жыцця, што сукалася ў маі,
Туга напнутая, ледзьве ліпіць...
Што на зямлі чалавека трымае?
Тое, што нельга прадаць і купіць.
Гэта — схаваная ў памяці сцежка
Між заінелых, крыштальных бяроз,
Гэта — твая нечаканая ўсмешка,
Што асвятліла расхлістаны лёс.
Зорку надзеі лаўлю на ляту я,
Каб патрымаць і табе перадаць...
Што нас у свеце падманным ратуе?
Тое, што нельга купіць і прадаць.