Цябе, напэўна, мне сам Бог паслаў,
Каб разагнаць тугу імгненняў стылых.
Такіх радкоў я шчэ і не пісаў –
Адкрытых, жыццялюбных, вальнакрылых.
І ты радкам дарыла гэты ўзлёт
Сваёй пяшчотай, галасочкам звонкім
І расплаўляла адзіноты лёд,
Адно кранаўся рук тваіх я тонкіх.
З чым параўнаць мне дотык да шчакі
Тваіх цнатлівых матылёчкаў-вуснаў
І святасць слоў гарэзліва-п’янкіх,
Мне ад якіх і мройна і спакусна?..
О, як цябе дзівосна прытуляць
І адчуваць салодкую аскому,
Як галубкі пад блузкай буркаваць
Пачнуць. Пра што? Няведама нікому...
А хмуры дзень маланкамі крамсаў
Гадоў былых імгненні трапяткія...
Такіх радкоў, здаецца, й не пісаў
І, можа, больш ці напішу такія...