Твае рукі

Яшчэ не ацэнена

Твае рукі, твае рукі нада мною, —
Нібы лебедзі над белаю зімою.
Як ласкава яны кружаць
I са мной па леце тужаць,
Нібы лебедзі над белаю зімой.

Цяжка, рукі, расставацца з вамі дужа
I без вас мне аставацца паміж сцюжаў.
Не ляціце, рукі, ў вырай,
Нада мной кружыце шчыра —
Нібы лебедзі над белаю зімой.

Я люблю, як твае рукі нада мною —
Нібы лебедзі над белаю зімою,
Як яны садзяцца міла,
Склаўшы крылы, склаўшы крылы, —
Нібы лебедзі над белаю зімой.

Калі лашчаць валасы мне твае рукі —
Слухаю, бы песню, я іх рухі.
А яны пяюць шчымліва
I крыляюць палахліва, —
Нібы лебедзі над белаю зімой.