Ты вучыла мяне чакаць
І цярпець шматгадзінныя зборы.
Я стараўся быць бездакорным,
Нават слова не смеў сказаць.
Ты вучыла дарослым быць –
Вырашаць праблемы “сусветныя”,
Хоць яны не такія адметныя,
І сама магла тое рашыць.
Ты вучыла цаніць драбязу,
Паказала мне цуд простых рэчаў,
Што чапляюць дзіцячым нечым.
Гэты скарб праз жыццё пранясу.
Смелым глупствам вучыла заўжды,
Шанавала мяне як героя,
Які ўраз ахвяруе сабою
І нягоднікаў зломіць рады.
Але мы не змаглі прадказаць
Майго сэрца парываў вольнага,
Я за гэта жыццё не здольны
Навучыцца цябе кахаць.