У поўным келіху віны
Крычалі вочы захаплення.
Мы ў ночы той былі адны
Начлежнікамі летуцення.
Чакаў у небе Валапас,
Калі ў душу самота гляне.
Лагоднасці вучыла нас
Сляпая логіка кахання.
Было нам добра на зямлі,
Нібы за пазухай у Бога.
Мы ведалі, што мы былі,
I верылі, што будзем доўга.
Гулі наіўнасці чмялі,
Пяшчотай поўніліся соты,
Віно цвярозае пілі
За дыялектыку маркоты.