Усё было: і сон, і парыванне,
Высокі ўзлёт, і марнасці сіло,
I нараканне, і самаз'яднанне.
Нянавісці ніколі не было.
Нас не заўжды дастойна і цярпліва
Да разумення пачуццё вяло.
Так часта я была несправядлівай.
Нянавісці ніколі не было.
У заўчарашніх буднях надламала
Наступнасць наша светлае крыло.
Ты быў слабым, я жорсткім называла.
Нянавісці ніколі не было.
Агледжваемся — і як на далоні:
Далося ўсё, што дацца нам магло
У найжаданым любасці прыгоне.
Нянавісці ніколі не было.