Цені ў кутках, як блакітная варта...
Сёння мы ў шчасця ў гасцях.
Можа, адзіна цяпер мы і варты
Жыцця.
Сёння, калі нашы душы пад знакам
Злітнасці і паўнаты;
Зараз, калі ў іх ні следу ніякай
Лухты.
Выстыў даўно ў белых кубачках чорны
Чай на вячэрнім стале...
Спеўна і вольна, нібыта на горнай
Скале!
Лёгка, як птахам уразлівым дзікім
З гордым узмахам крыла!
Цені, як варта блакітныя... Лікі
Святла!..