Вечар

Яшчэ не ацэнена

Улёгся пыл на вуліцы.
Туман да рэчкі туліцца.
Не плач
У самоце,
Дзяркач,
На балоце.

На прызбе зоркай блізкаю
Цыгарка ў цемры бліскае.
Здалёк
Нечакана —
Хрусь! — крок
Ля паркана.

— Куды ідзеш, Наталачка?
— У агарод, Міхалачка.—
— Па што?—
— Па цыбулю.—
— Пастой, Пацалую.

Абняўшыся,
За весніцы
Ідуць пад вартай месяца
Ў расу
Па ажыны,
Дзе сум
Дзеркачыны.