Вечар шостага жніўня...

Яшчэ не ацэнена

Вечар шостага жніўня.
Наш парог у трыццаты год.
Дождж лятункам тужлівым
Ападае на сад, агарод.

Ацяжэлае лісце
Да мяне — праз маўчання мяжу —
Зноў нясе, як у юным «калісьці»,
Словы тыя, што сёння скажу.

Толькі ты ці пачуеш?
За сцяной адзіноты маёй
Перастылыя вёрсты начуюць,
Што пабеглі ўслед за табой.

Я гукаю. I ты адгукніся.
Побач стань, суцеш, абагрэй...
Шэры плашч з перамоклым крыссем
Моўчкі скінула ноч ля дзвярэй.

Субяседніца і вяшчуння —
Чую твой асцярожны крок,
Толькі знацца з табой не хачу я.
Я не веру ў твой чорны змрок.

Веру я: перамелецца скруха,
Зорка ўспыхне праз хмар насланнё.
Слухай, любая, — чуеш? — слухай
Гэтай ноччу дыханне маё.