Вясновы дзень быў радасцю даўгі,
Ды скарацеў, зрабіўшыся зімовым.
Цяпер даўжэе ноч маёй тугі,
Яна не падуладная замовам.
Я разумею ноч, а мне яна
Не паспрыяе, не паспагадае.
Тады было святло, была вясна,
Цяпер азябла цемра галадае.
А ўсё таму, што Вас няма са мной.
А Вы былі калісьці ці ніколі?
Былі маёй зялёнаю вясной,
Вясёлаю бярэзінаю ў полі.
Як той бяздушны вецер, я п'янеў,
I быў зялёны я ў сваім наіве.
Выў добры першы гром і першы гнеў,
I першы след на некранутай ніве.
Штоноч даўжэе ноч маёй тугі,
Радзей вясновае світанне сніцца.
Звіняць майго адчаю ланцугі.
Самота — беспрасветная цямніца.