Я прысягаў не раз, не двойчы
Не абуджаць у сэрца зноў
Тваю паходку, стан дзявочы,
Загадкавых апошніх слоў.
Я уцякаў, нібы злачынца,
З пакутнай катаргі, хутчэй,
Каб адзінотаю лячыцца
Ад варажбы тваіх вачэй.
Я адракаўся, нібы здраднік,
Ад цёмных кос.
Я голас твой
Усё глыбей, усё старанней
Хаваў у памяці сваёй.
I марна ўсё!
За мной усюды,
Сама не знаючы таго,
Ідзеш па нейкаму прысуду
Ты і ў ваду і у агонь...
За днямі дні праходзяць цугам.
А я, знаць, вымушаны век
Блукаць бяздомным валацугам
Пад ценем ласкавых павек.