Я цябе прыгадаў...

Ваша адзнака: Нет (14 галасы)
                                            В. М.
 
Я цябе прыгадаў
Басаногаю, шустраю, тонкай.
Пад нагамі рассыпала
Раніца зерні расы,
І тады, у далёкія тыя часы,
Я цябе уяўляў залатою сасонкай.
І здавалася, будзеш такою заўжды –
Маладою, іскрыстаю, крышачку колкай.
Ды хіба ж загадаеш,
Каб вечна квітнелі сады
І у небе ніколі не гаслі вясёлкі?
Ды хіба ж загадаеш каму,
Каб гады
Над табою
І мною улады не мелі,
Каб спынілася плынь веснавое вады,
Каб да старасці скроні у нас не сівелі?
Пасівелі, а сэрца не хоча старэць –
Мабыць, вызнана мала і зроблена мала.
Мы гарэлі ў агні, але нам не згарэць,
Навальніца прайшла, але нас не зламала.
Ты заўсёды была клапатліваю жонкай,
Ты суровай была міласэрнай сястрой.
Я цябе і цяпер уяўляю сасонкай,
Што яшчэ палымнее вячэрняй зарой.