1
— Я вас люблю! —
Сказаў я ўпершыню
У львоўскім парку тым спякотным летам
I ёй, і сонцу, жнівеньскаму дню.
Яна змаўчала. Я за ёю следам
Ішоў як цень. Ды толькі не віню
Яе, зляканую прызнаннем гэтым.
Я да самотнай думкі быў прыкуты:
Шукаў каханне, а знайшоў пакуты.
2
— Я вас люблю!
Хто, адкажыце мне,
Hi разу не пачуў такія словы?
Які ні будзе новы век суровы,
Без гэтых слоў не абысціся, не!
Глядзіце, вунь юнак светлагаловы
З букетам руж бяжыць па сцяжыне.
He абпаліся ж, хлопча, у жыцці,
Каханню вечна на зямлі цвісці!
3
— Я вас люблю!
Магічнасць гэтых слоў
Хвалюе, і чаруе, і ўзвышае.
У лексіконе нават і ў цароў
Без цяжкасці іх кожны адшукае.
Але чамусьці царская любоў
Прыгнётам невыносным люд карае.
He будзь жа ні прыгонным, ні царом.
Быць у каханні трэба песняром!
4
— Я вас люблю!
Які мой шлях ні быў,
Як ні хістаўся човен майго лёсу,
Я нават хвалям гэта гаварыў,
Што неслі не ратунак, а пагрозу,
I, можа, гэты просценькі матыў
Іх улагоджваў лепей, чымсьці слёзы.
Няможна, мабыць, нам на свеце жыць,
Каб свет, які б ні быў ён, не любіць!