Як ты ішоў!..
Твая дарога
Цябе, абветранага, абдымала
I твае ногі ціха цалавала,
У промнях сонца, што ішло з табою,
Услед
салодкім пылам танцавала.
Як ты ішоў...
I нечакана
Твая абранніца —
твая дарога
Перахапіла горла мне, дыханне
I за сабою павяла наводдаль.
I я ў лясы гаючыя ступіла.
Агнём лясным,
што не спатоліць смагу,
Я на камель з камля перабягала,
З галін зрывалася
і ўжо ляцела вобзем...
Яшчэ і сёння там, усцяж дарогі
Майго агню
каліны дагараюць.
Як ты ішоў!..