То з Алма-Аты, а то з Дуброўніка
Я табе, любімая, пішу.
Прымірыцца з прагаю вандроўніка
Я цябе, любімая, прашу.
“Ёсць яшчэ распусніцы прывабныя”, –
Чуеш ты суседак галасы.
“Ёсць яшчэ з ільвінай хваткай бабнікі”, –
Мне хрыпяць прапітыя басы.
Не зважай, як я, на плёткі іхнія,
Што нам цёмны пыл той ды туман.
Паміж намі толькі рэкі ціхія
І нікога іншага няма.
Далямі навекі завярбованы,
Я спяшу пад колаў перастук
Да цябе, да вуснаў нефарбованых,
Да тваіх ласкавых, чэсных рук.
Сэрца і тугой, і сонцам поўнае,
І жыццё – цудоўнейшая рэч!..
Цяжка б захаваць было любоў маю
Мне без расставанняў і сустрэч.