Затаю

Яшчэ не ацэнена

Я цябе затаю.

Між няроўнымі ўдарамі пульсу,
Між імёнаў, забытых сябрамі,
між сьпісаў хвароб.

Я цябе прапушчу паўзь сябе –
як някліканы сон, як спакусу.
Столькі шчасьцяў было не наяве –
і лепш не было б.

Я цябе не крану –

не зьнявечу чужой адзіноты.
Не крану – і ня здраджу,
ня кіну, спаліўшы масты.

Я цябе прапяю – як умею,
губляючы ноты.
Толькі Поўнач пачуе
запойны фальшывы матыў.

Я цябе затаю.

Так, як сонца затойваюць ночы.
Як хлапечую мару – чужую
– да жаху сваю.

Над мяжой паміж намі
рукі не цягну і ня крочу.
Толькі жменьку хвілін
ля мяжы – ля цябе затаю.

І стаю.