«Я кахаю цябе...»

Яшчэ не ацэнена

У сьвеце грэшным,
Жорсткім
I суровым,
Дзе вісьне дух татальнае маны,
Ёсьць толькі тры
Высокіх, чыстых словы,
Якім ніхто ня вызначыць цаны.

Сьціскае сэрца непаўторна
вусьціш,
I падаецца, што спыніўся час,
Калі прашэпчуць спаленыя вусны
Тры словы —
Як жыцьцё,
Кароткі сказ.

І я,
Як гэты сьвет,
Сівагаловы,
Нібы драбочак солі ў час вайны,
На чорны дзень пакіну тыя словы,
Бо ведаю, што ім няма цаны.