Абнімі...

Яшчэ не ацэнена

Абнімі ты мяне, маладая,
Абніманнем гарачым, агністым,
Дый памчымся ад краю да краю
Вольнай думкай па свеце цярністым.

Ў дзень вясёлы мы сонцам пякучым
Заіскрымся ў нябесным прасторы,
З ветрам-сокалам душы заручым,
Ў пушчу-лес упляцём загаворы.

Ўночы сумнаю зоркаю глянем
На сады, на амшэлыя хаты;
Чары-сон навядзём заклінаннем,
Вышлем росы брыльянтныя ў сваты.

Узалоцімся ў светлыя слёзы,
Ў слёзы-іскры забраных загонаў;
Снегам-пухам зардзімся ў марозы,
Ўлетку кветкай зайграем чырвонай.

Адну песню дзень, ночка хай грае
Нам, сіротам, па свеце цярністым...
Абнімі ты мяне, маладая,
Абніманнем гарачым, агністым.