Ад «не трэба, не трэба»...

Яшчэ не ацэнена

Ад
«не трэба, не трэба»
Да
«святло патушы»,
Як да сёмага неба,
Як да шчырай душы,
Як ад бліску маланкі
Да абложных грымот...
З вераснёвай палянкі
Хмеліць вераснем мёд.
Ліўнем стомленым стыну
На захмарнай градзе...
Прага
смаглай пустыні,
Спёка
спелых грудзей.
Толькі змроку густога
Захмялелы мурог,
Толькі
светлая стома,
Толькі
месячка рог...
Ціха досвітак глянуў —
Стой,
імгненне,
замры!
Не спяшайся,
бяглянка,
Мы адны на зямлі.
Можа, дзень пачакае,
Маладзік, пасвяці...
Ноч бывае такая
Толькі раз у жыцці...
Знелюбелы, нямілы
Дзень з-за мора ўстае.
Мне б вякоў не хапіла
Слухаць вочы твае...