Арыстакратка

Яшчэ не ацэнена

Лёс мяне сцежкамі радасці вёў,
Вёў да цябе на спатканне,
Ты — беларуска, ты — нашых краёў,
Арыстакратка кахання.

Гэтак кахаць ад цямна да відна,
Гэтак галубіць да рання
Можа ў знявераным свеце адна
Арыстакратка кахання.

Ты — як пасланніца светлага дня,
Поўная замілавання,
Ты недасяжная, як вышыня,
Арыстакратка кахання.

Панскага роду, натурай не мніх,
Я не хачу панавання,
Быць мне дазволь на паслугах тваіх,
Арыстакратка кахання.

Згодзен кіпець я ў пякельнай смале
I не прасіць ратавання,
Толькі б аднойчы сказала «але»
Арыстакратка кахання.