Чыстае каханне

Ваша адзнака: Нет (5 галасы)

Хрусталю горнага чысцей
Маё бязмежнае каханне.
Нябесных зор яно ярчэй,
Ад сэрца йдзе замілаванне.

Любімы светлы вобраз твой,
Хвалюе, душу мне кранае.
Дзівосна мара цудных мрой,
Табой каханне ап’яняе.

Няма пачуцця гарачэй,
Чым да цябе я адчуваю.
Пад позіркам тваіх вачэй
Пра ўсё на свеце забываю.

У словах цяжка перадаць,
Як чыста й горача жаданне.
Няма таго, з чым параўнаць
Маё нястрымнае каханне.

Яно за белы снег чысцей,
Чысцей крынічнага вытоку,
Пачуццямі глыбей, мацней,
Ракі бурлівага патоку.

Прымі ж, любімая, малю,
Маё узнёслае каханне.
Укленчана я прад табой стаю,
Прымі ж ўлюблёнае прызнанне.