Дзень і ноч варочаю
З ног на галаву…
Раскідаю срэбра
Ў жоўтую траву.
Хто яго падыме,
Забярэ з сабой,
Ці ў агні, ці ў дыме
Вечна будзе мой.
Мроіць вечна будзе
Пра мяне у снах,
Згадваць і варочаць
Срэбра ў руках…
Калі ж невыносна
Стане быць маім,
Да цябе з’яўлюся
Ці ў агонь, ці ў дым.
І калі рэальную
Стрэнеш ты мяне,
За табой пытанне –
Адпускаць ці не…