Клён усплёснуў лісцем:
Як жа гэтак выйшла?
Як жа гэта вішня
Раптам з саду выйшла?
Выйшла вішня з саду.
Клён увішна ззаду.
Счырванела вішня:
«Ты ўжо трэці лішні!..»
Клён усплёснуў лісцем:
Як жа гэтак выйшла?
Як жа гэта вішня
Рана замуж выйшла?!
Вішня-чараўніца,
Перастань мне сніцца!
З кім жа ж мне жаніцца?
Ці з бярозай ніцай?
Клён усплёснуў лісцем:
Сведкаю Ўсявышні:
I мяне ж калісці
Так кахала вішня!..
Вішня-чараўніца,
Перастань мне сніцца!
З кім жа ж мне жаніцца?
Ці з вярбою ніцай?
Клён усплёснуў лісцем…