Ля высокіх векавых прысад
Мы з табой на лавачку прыселі.
Весялуе ў небе зарапад
І сярпочак гушкае арэлі.
На твае духмяныя далоні
пакладу, як колісь, галаву.
Ужо іней зацярушыў скроні,
А пачуццем светлым я жыву.
Бо каханне вечнае – як свет,
Бо твае далоні – як калыска.
Для мяне ты вабны першацвет
І ласкавы шапятун-вятрыска.
Я табе ў каханні зноў прызнаюся,
Ты мяне пяшчотай прыгарні.
Як на хвалях , я закалыхаюся
У ліпнёвай спелай цішыні.