Мне сніцца мора.
Там, за валам,
Што белапенна лёг да ног,
Ты, нечаканая, паўстала,
Над галавою — рук вянок.
Трымцела радаснае цела,
Крывінкай кожнаю жыло,
Нібы ў сябе ўвабраць хацела
Усё — да кропелькі — святло.
Яно звінела і спявала,
I цалавалася з вадой.
Зноў свет прыціхлы хвалявала
Сваёй загадкай маладой.
I не забудзецца ніколі,
I не паўторыцца нідзе ж...
Як промень трапяткі, паволі
Ты па каменьчыках ідзеш.