Наш масток

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

НАШ МАСТОК

Дзе бруіцца мой выток
І такі ж выток твой светлы,
Ёсць рачулка і масток
У куточку запаветным.

Дзе не раз душа мая
Замірала ад кахання,
Дзе спачатку ў марах я
Прызначаў табе спатканне:

“Ты прыходзь на наш масток, –
Зноў ён будзе хвалявацца.
Ты прыходзь на наш масток
Хуткай плынню любавацца.

Ты прыходзь на наш масток
Пад калінавай зарою.
Ты прыходзь на наш масток –
Шчасце ўжо не за гарою…”

Ёсць на свеце наш масток,
Што ратуе ад адчаю.
Быццам захад і усход,
Лёсы ён сабой злучае.

Рыпне радасна масток,
Як малых, нас пакалыша.
Ля яго лужок, лясок
Нас прывецяць, як калісьці.

“Ты прыходзь на наш масток, –
Зноў ён будзе хвалявацца.
Ты прыходзь на наш масток
Хорам птацтва захапляцца.

Ты прыходзь на наш масток
Пад рабінавай зарою.
Ты прыходзь на наш масток
Хоць у сне цяпер парою…”

У журбе ў чужых краях
На масце падчас вялікім
Наш масток убачу я –
Да сябе ён стане клікаць.

Дзе не раз душа мая
Замірала ад кахання,
Дзе спачатку ў марах я
Прызначаў табе спатканне:

“Ты прыходзь на наш масток…”