Не глядзі...

Яшчэ не ацэнена

 
Не глядзі на мяне, не глядзі, адыдзі,
Не чаруй так сабой і наяве, і ў сне!
Ты смяешся з мяне… Дык ідзі ж, не глядзі,
Бо замучыш, загубіш навекі мяне!
 
Погляд вочай тваіх душу змучыў маю, -
Праз яго я сябе не змагу аніяк:
То я рвуся к табе, то, як слуп той, стаю,
То жалею цябе, то кляну горка так.
 
Ты ж не любіш мяне, ты шукаеш другіх,
Туды пнешся, дзе звоняць дукаты, рублі…
А што я табе дам? Я ж бядней ад усіх,
У бадзянні цяжкім жывучы на зямлі.
 
Бедзен я, дык чым я за цябе заплачу?
Знаю – мала табе душы, сэрца майго:
Ты за грошы сябе прадасі панічу, -
Будзеш блізкай яму, будзеш жонкай яго.
 
Будзеш паняй ты жыць: смачна есць, доўга спаць,
Шапкі будзе знімаць прад табою народ,
А я буду цярпець і свой дзень праклінаць,
Праклінаць і цябе, і твой гэты паглёд.
 
Дык ідзі, не глядзі! Я баюся цябе;
Не мая ты цяпер і не будзеш маей.
Дык ідзі, бо загубіш мяне і сябе,
Бо кіпіць мая кроў, сэрца рвецца з грудзей!