Не, мы з табою не святошы...

Яшчэ не ацэнена

Не,
мы з табою не святошы.
Мы прагна выпілі
Да дна
I ласку вечароў харошых,
I пацалункі да відна.

I мне
не раз яшчэ салодка
Спаць на тугім тваім плячы
I, як маланкаю, дрыготка
Аб вусны вусны апячы,

I раптам сцішыцца ў здзіўленні,
Калі няўмольна,
як прысуд,
Мяне зноў кіне на калені
Жаночай прыгажосці цуд.

Няхай яно жыве са мною,
Да скону грэючы жыццё,
Маё мужчынскае,
зямное,
Святое гэта пачуццё.

А калі скрывяцца святошы —
Ну што ж,
мы выпілі да дна
I ласку вечароў харошых,
I пацалункі да відна.