Я за тваім плячом не разглядзеў
У доўгую хвіліну развітання,
Што за акном —
змярканне ці світанне,
Ці поўневая ноч, ці хмарны дзень.
Было адно імгненне на дваіх.
Было адно спякотнае дыханне
I вусны —
як кругі выратавання,
Калі ў бяссіллі мы шукалі іх.
Быў шэпт твой непрытомны:
«Дарагі...»
I неслухмяных рук перапляценне —
Як крылы птушак,
што не даляцелі
Да выраю
і ўпалі на лугі.
I захлынуўся і спыніўся час,
I ты прынікла да мяне адчайна...
Я добра помню ўсё, што нас злучае.
I ўсё забыў, што разлучыла нас.