НІБЫ СУСТРЭЦЬ КАГОСЦІ ТАК

Яшчэ не ацэнена

Нібы сустрэць кагосьці так другога,
Хто стаў валадаром і сноў, і дум,
А не цябе праводзіць у дарогу
Я на вакзал ізноў з дажджом прыйду.

Як хуткасцю вялікаю,
размыты
Дажджынкамі
Твой воблік у акне
Не будзе доўга ў будучым нібыта
У шматсерыйных снах з’яўляцца мне.

І ты нібы зусім мяне не знаеш,
І памяццю ў мінулым не жывеш,
Нібы не мне рукою памахаеш.
А шыбу запацелую пратрэш…

1983