Запаліць свечкі ў небе вечар,
Сустрэўшы нас у добры час.
Давай і мы запалім свечкі, –
І адагрэе памяць нас.
І зноў адчуем мы вяснова
Нектару слодыч на губах;
І зноў закружыць нам галовы
Васковых свечак церпкі пах.
І, можа, як часінай шлюбнай,
Яны асветляць нас дваіх.
Давай з табой запалім свечкі, –
Расставім кропкі ўсе над і…
Нам зразумела стане раптам,
Калі сплыве туману дым, –
Што днём з агнём шукаць не варта, –
Чаго не знойдзеш па адным.
Забудзем думаць мы, што Вечнасць
Не зводзіць з нас сваіх вачэй.
Давай з табой запалім свечкі, –
І нас пяшчота апячэ!
Заскачуць сэрцайкі ад шчасця,
Як нашы цені на сцяне,
Калі з табою зорным часам
Запалім свечкі, як у сне…