ШКАДА

Яшчэ не ацэнена

Я шкадаваннем, як Ясенін, не хварэю,
Калі ў далечыні малюся на Цябе.
З гадамі боль свой – болей разумееш,
Больш давяраеш спозненай журбе.

Яе паўсюль навокал прыкмячаеш:
У крыку галак,
ранішняй смузе…
Журба ляжыць на лісці малачаю,
На аддалённым левым беразе…

Адзін з журбою справіцца не ў сілах,
І гэта ўжо – не жартачкі, бяда…
Шкада цяпла, якое Ты любіла,
Шкада цяпла, якога не дадаў.

ЖАНЧЫНА Ў ЧОРНЫМ
У век вар’яцтва і насілля
(Не важна, колькі панне год!)
Жанчына ў чорным – страшны сімвал
Сучаснай драмы і нягод.

Пасля чарнобыльскай навалы
Мы выміраем з кожным днём,
Нібы пад чорным пакрывалам,
Мы пад Чарнобылем жывём.

Зямлі вакол хапае ворнай,
Ды што на “бруднай” узрасце?..
Убачыш дзе жанчыну ў чорным,
Падумай светла аб Хрысце!..