Табе, з прытомленым сэрцам,
Прысыпанаму сівізной,
Хочацца зноўку сустрэцца
З далёкай сваёй вясной.
З той, што выходзіла адвячоркам
Да возера ў зараснік траў.
Яе называў ты зоркай
I горача абдымаў.
Вось і вёска, як быццам тая.
Не, не тая, зусім не тая!
А сэрца ад радасці штосьці не тае
I зорка не вылятае.
Навакола новыя хаты
I шмат незнаёмых сцежак.
I ты адчуваеш: прыехаў дарма ты
I ўжо баішся насмешак.
Усюды бялеюць жаночыя хусткі:
Хто корміць грудзьмі немаўлятак,
Хто цыбулю ірве на закуску,
Хто носіць ваду да градак.
Жанчыны дзябёлыя, немаладыя,
Твайго, сярэдняга, веку.
У іх ад сонца рукі рудыя
I зморшчыны ля павекаў.
Якая тваёй з іх была? Якая?
З няспісаным чыстым сэрцам.
Не выбежыць, не спаткае,
Не пойдзе з табой да азерца.
Заходзіў даўно ты вельмі
У яе спадзяванні і сны.
I стала іншаму вернай
Яна пасля нейкай вясны.
У яе свой закон у хаце,
Свае Іванкі і Галі...
Лепш не шукайце, не сустракайце
Тых, што ў юнацтве кахалі.