Дарыце любым – васількі,
Як цуд зямны, дарыце.
Збярыце ў жыце ля ракі,
Ў вяночкі запляціце –
Дарыце любым васількі,
Як шчасця міг – дарыце!..
Дарыце любым – шум ракіт,
Зязюлі кукаванне,
Абшар нябёсаў, іх блакіт –
Надзею на каханне!..
Закружыць восень… Вы знарок
Ліст цёплы напішыце,
Як добры знак – вы васілёк
На памяць засушыце…
Зіма наступіць. І адчай,
А вы тут – пазваніце –
У васільковых у вачах
Дабра агеньчык – запаліце!..
Ён разгарыцца (прыйдзе час),
Хай доўга вы маўчалі…
Якое шчасце іншы раз –
Дарыць душы абшары!..
2.
Вы прыязджайце на дзянёк
(Хаця б на міг – а трэба!),
Я падару Вам – васілёк,
Як сімвал краю – Неба…
Ніякі гэта не намёк,
А проста – кветка гэта
Мне падабаецца… Здалёк
Напамінае лета.
Яна, як лёгкі матылёк,
Трапеча прад вачыма.
А Вы – надзеі вугалёк,
Жаданая Жанчына!..
Дык прыязджайце на дзянёк,
З прычыны – без прычыны…
Я падару Вам – васілёк,
Кавалачак Айчыны.
3.
Блакітны факел – васілёк –
Зарой блакітнай прад вачыма
Напамінае – аб жанчыне,
Чые лісты ішлі здалёк…
Лісты – як зёлкавы напой –
Дапамаглі устаць з пасцелі,
Яны – як ластаўкі – ляцелі
І неслі вырай у дом мой…
І ў кожным – веры вугалёк,
І ў кожным – яе вершы…
А у канверце (мабыць, першым)
Быў падарунак – васілёк!..
О. гэта быў – каскад святла,
Адказ яе на ўсе пытанні.
Душа наноў бы ажыла,
Калі пазнаў запал Кахання.
І вось убачу дзе здалёк
Жанчыну з сінімі вачыма –
Быць раўнадушным немагчыма:
Тугі маёй першапрычына –
Блакітны факел, васілёк!..