Ты чакай мяне доўга...

Яшчэ не ацэнена

Ты чакай мяне доўга.
Ты чакай мяне мудра і проста.
Перасіль
і бяду,
і нуду,
і жуду.
I даруй мне маўчанне,
Даруй мне халодную ростань
I не вер прадчуванню,
Што я да цябе не прыйду.

Прылячу хворай птушкай,
Прыпаўзу прыручаным зверам,
З сэрца выкіну злосць,
і сумненне,
і сум
I цябе не абражу
Мужчынскім сваім недаверам.
Я цябе на далонях у свой ранішні сон
аднясу.
Зацалую цябе,
зашапчу,
залюляю,
Вочы ласкай напоўню,
Вусны прагай вясны запалю...

Ты чакай мяне толькі.
Ты чакай мяне.
Чуеш, малая?
Я таксама чакаю.
Таксама люблю.